Прафесія пад забаронай. Каментар прадстаўніцы БААН

Улады Беларусі зрабілі немагчымай педагагічную працу для тых, хто меў судзімасць за ўдзел у мірных пратэстах. Новы закон не толькі пазбаўляе людзей права на прафесію, але і выносіць пакаранне далёка за межы самога тэрміну судзімасці. Беларуская Асацыяцыя Адукацыі і Навукі асуджае прыняты закон як дыскрымінацыйны і непрапарцыйны. Ён супярэчыць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека і ўзмацняе курс на самаізаляцыю сістэмы адукацыі. Ніжэй – каментар прадстаўніцы Беларускай Асацыяцыі Адукацыі і Навукі Марыны Сакаловай.


Марына Сакалова:

– Забарона былым палітвязням працаваць з дзецьмі – гэта цынічная і маніпулятыўная мера, якая хаваецца за лозунгам “абароны дзяцей”. Насамрэч гэта працяг палітыкі помсты і ізаляцыі для ўсіх, хто выказваў нязгоду з рэжымам. Гэта ўжо не здзіўляе, але ўсё яшчэ ўражвае бессаромнасцю, помслівасцю і поўнай абыякавасцю да будучага краіны. Рэжым мэтанакіравана зацягвае ўсю сістэму адукацыі ў змрок страху, хлусні і невуцтва, душыць добрую волю, дасведчанасць. І робіцца гэта там, дзе павінны панаваць давер, клопат і чалавечая годнасць – у працы з дзецьмі.

Што магчыма супрацьпаставіць? Працаваць тут і цяпер, каб пашырыць магчымасці якаснай адукацыі для дзяцей і годнасці для настаўнікаў і настаўніц.

Перш за ўсе нам усім трэба тлумачыць прававую абсурднасць нормы, працаваць з міжнароднымі структурамі, працягваць салідарную падтрымку нашым суайчыннікам і суайчынніцам. У прыватнасці, Асацыяцыя і далей будзе распрацоўваць альтэрнатыўныя шляхі адукацыі: фарміраваць і ўмацоўваць незалежныя анлайн-супольнасці адукатараў і ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэса; развіваць анлайн-курсы, дзе выкладанне будуецца на крытычным мысленні, эмпатыі і павазе да людзей; ствараць платформу для анлайн-кансультавання для дзяцей і настаўнікаў і настаўніц, якія сутыкаюцца з ціскам; наладжваць супрацоўніцтва з міжнароднымі асацыяцыямі для доступу да інструментаў і стыпендыяльных праграм. Мы вельмі спадзяёмся, што здолеем стварыць сетку “школ грамадзянскай надзеі”. Калі нефармальныя адукацыйныя ініцыятывы аб’ядноўваюцца і дзейнічаюць з агульнай каштоўнаснай асновай – павага да годнасці, свабоды думкі і адукацыі як грамадскага дабра, яны могуць даваць і дзецям, і адукатарам не толькі веды, але і сілу жыць у праўдзе.

 

Вам таксама можа спадабацца

  • 27 жніўня, 2025

ВНУ Беларусі па-за рэйтынгам

  • 21 жніўня, 2025

Працэдура прыняцця новых членаў у Грамадскую арганізацыю “Беларуская Асацыяцыя адукацыі і навукі”.

  • 21 жніўня, 2025

Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў дачыненні да навукоўцаў і выкладчыкаў