Аналітычнае рэзюмэ закрытага круглага стала

Дата: 20 ліпеня 2026 года
Фармат: закрытая анлайн-дыскусія
Арганізатар: Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі
Мадэратарка: Ірына Сідорская
Статус дакумента
Аналіз падрыхтаваны паводле вынікаў закрытага круглага стала і абагульняе асноўныя тэмы, падыходы і прапановы, якія прагучалі падчас дыскусіі.
Дакумент не з’яўляецца стэнаграмай, рэзалюцыяй ці ўзгодненай калектыўнай пазіцыяй удзельнікаў і ўдзельніц. Галасаванне па выніках сустрэчы не праводзілася. У адпаведнасці з закрытым фарматам размовы асобныя меркаванні не прыпісваюцца канкрэтным асобам.
Мэта рэзюмэ – зафіксаваць:
- асноўныя лініі дыскусіі;
- ключавыя тэзісы і прынцыпы, якія прагучалі падчас дыскусіі;
- істотныя адрозненні ў падыходах;
- пытанні, якія засталіся адкрытымі;
- магчымыя напрамкі далейшай працы, прапанаваныя ўдзельнікамі і ўдзельніцамі.
Падтрымка самой ідэі беларускага ўніверсітэта ў выгнанні не азначае аўтаматычнай падтрымкі канкрэтнай арганізацыі, праекта або інстытуцыйнай мадэлі.
1. Прадмет і рамка дыскусіі
Круглы стол быў прысвечаны пытанню, ці магчыма сёння стварэнне паўнавартаснай беларускай універсітэцкай інстытуцыі па-за межамі Беларусі і, калі так, якой можа быць яе роля, акадэмічны профіль і інстытуцыйная форма.
Удзельнікі і ўдзельніцы разглядалі гэтую праблему ў кантэксце рэпрэсій супраць беларускай адукацыі і навукі пасля 2020 года, разбурэння акадэмічных свабод унутры краіны і вымушанай эміграцыі значнай колькасці навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў.
Падчас размовы абмяркоўваўся досвед Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, адукацыйных праектаў «Вольны Беларускі Універсітэт» і «Беларуская акадэмія», Асацыяцыі «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча», а таксама іншых даследчых, адукацыйных і стыпендыяльных праграм.
Круглы стол не меў на мэце ацэньваць або падтрымліваць адзін з гэтых праектаў. Існыя ініцыятывы разглядаліся як крыніцы назапашанага досведу і магчымыя элементы шырэйшай беларускай акадэмічнай экасістэмы.
2. Агульная ацэнка сітуацыі
У дыскусіі неаднаразова гучала думка, што беларуская акадэмічная супольнасць у выгнанні валодае значным інтэлектуальным і прафесійным патэнцыялам, але застаецца інстытуцыйна разрозненай. Існыя арганізацыі і праграмы выконваюць важныя функцыі, аднак маюць розныя прававыя статусы, мэты, маштабы і ступень устойлівасці.
Сам факт існавання некалькіх адукацыйных і даследчых ініцыятыў не разглядаўся ў дыскусіі як сведчанне таго, што пытанне беларускага ўніверсітэта ў выгнанні ўжо вырашана. Адначасова ўдзельнікі па-рознаму ацэньвалі, ці вынікае з гэтай сітуацыі неабходнасць стварэння новай установы.
У дыскусіі неаднаразова падкрэслівалася, што назва «ўніверсітэт» сама па сабе не стварае акадэмічнай інстытуцыі. Неабходныя рэальныя даследаванні і адукацыйныя праграмы, прафесійная акадэмічная супольнасць, устойлівае кіраванне, прызнаны статус і зразумелая адказнасць перад студэнтамі, навукоўцамі, партнёрамі і беларускім грамадствам.
Разам з тым у некалькіх выступах падкрэслівалася, што далейшая праца не павінна пачынацца з чыстага аркуша. Пры распрацоўцы любых новых рашэнняў неабходна ўлічваць ужо назапашаны досвед, створаныя праграмы і каманды, а таксама прычыны поспехаў, крызісаў і спынення папярэдніх ініцыятыў.
3. Асноўныя тэзісы і прынцыпы, якія прагучалі падчас дыскусіі
Беларуская місія і акадэмічная суб’ектнасць
У розных выступах гучала думка, што беларуская ўніверсітэцкая інстытуцыя ў выгнанні павінна спрыяць захаванню і развіццю беларускай акадэмічнай суб’ектнасці. Гаворка ішла не толькі пра навучанне беларусаў за мяжой, але і пра магчымасць самастойна выпрацоўваць і распаўсюджваць веды пра Беларусь, падтрымліваць беларускую мову і інтэлектуальную традыцыю, захоўваць акадэмічную супольнасць і рыхтаваць кадры для будучыні краіны.
Пры гэтым беларускі нацыянальны характар не разглядаўся як падстава для этнічнай закрытасці або ізаляцыі ад міжнароднай навукі. Удзельнікі звярталі ўвагу на неабходнасць спалучаць беларускую місію з акадэмічнымі свабодамі, міжнароднымі стандартамі і супрацоўніцтвам з замежнымі ўніверсітэтамі.
Спалучэнне даследаванняў і адукацыі
У розных выступах гучала думка, што паўнавартасная ўніверсітэцкая інстытуцыя не павінна абмяжоўвацца толькі адукацыйнымі курсамі або публічнымі мерапрыемствамі. Даследаванні, падрыхтоўка навуковых кадраў, выкладанне і публічная інтэлектуальная праца разглядаліся як узаемазвязаныя функцыі.
Адначасова пытанне пра суадносіны гэтых функцый і пра тое, што павінна стаць прыярытэтам на першапачатковым этапе, засталося адкрытым.
Акадэмічная якасць
У дыскусіі падкрэслівалася, што легітымнасць такой установы не можа грунтавацца выключна на назве, самавызначэнні заснавальнікаў або падтрымцы вядомых асоб. Сярод крытэрыяў легітымнасці называліся наяўнасць фундаментальных даследаванняў і студэнтаў, якасць і канкурэнтаздольнасць адукацыйных праграм, прафесійны склад і адкрытыя працэдуры рэкрутынгу.
Празрыстасць і адказнасць
У адным з выступаў прапаноўвалася закласці празрыстае калегіяльнае кіраванне, органы самакіравання, адкрытыя конкурсы і ўдзел прафесійнай акадэмічнай супольнасці ў прыняцці рашэнняў.
Асобна адзначалася рызыка залежнасці ад аднаго донара, вузкага кола заснавальнікаў або асобных кіраўнікоў. Прагучала думка, што інстытуцыйны давер павінен падтрымлівацца перш за ўсё працэдурамі, а не толькі асабістымі аўтарытэтамі.
Адкрытасць і прадстаўнічасць
Гучала прапанова будаваць універсітэт пры ўдзеле шырэйшай супольнасці – не толькі прадстаўнікоў акадэмічных устаноў, але таксама даследчыкаў, культурных дзеячаў, мысляроў і грамадзянскіх ініцыятыў.
Асобна падкрэслівалася, што ўніверсітэт не павінен ператварацца ў закрытую супольнасць, заснаваную на асабістых сувязях і вузкім коле знаёмстваў.
Рэалістычнасць і ўстойлівасць
Удзельнікі звярталі ўвагу на неабходнасць суадносіць інстытуцыйныя амбіцыі з рэальным попытам, фінансавымі магчымасцямі, наяўнасцю выкладчыкаў і даследчыкаў, прававымі ўмовамі і здольнасцю забяспечыць працяглую працу.
Гучала перасцярога супраць стварэння фармальнай структуры без дастатковага акадэмічнага зместу і супраць завышэння першапачатковых маштабаў.
4. Асноўныя адрозненні ў падыходах
Інстытуцыйны і місійны падыходы
Адно з прынцыповых разыходжанняў датычылася не толькі арганізацыйнай формы будучага ўніверсітэта, але і самога яго прызначэння і функцыі на цяперашнім этапе. У дыскусіі можна ўмоўна вылучыць два падыходы да разумення ўніверсітэта – інстытуцыйны і місійны.
У межах інстытуцыйнага, або арганізацыйна-менеджарскага, падыходу ўніверсітэт разглядаўся перадусім як установа, якая павінна мець прававы статус, сістэму кіравання, адукацыйныя і даследчыя праграмы, крыніцы фінансавання і механізмы забеспячэння акадэмічнай якасці. Адрозненні ўнутры гэтага падыходу датычыліся таго, ці варта ствараць новую ўстанову, пераўтвараць ЕГУ, развіваць адзін з існых праектаў або будаваць сеткавую структуру.
У межах місійнага падыходу ўніверсітэт вызначаўся не як інстытуцыя, а як месца мыслення, дзе культывуецца самастойная інтэлектуальная праца і фарміруецца вобраз будучыні. Яго базавай задачай называлася выпрацоўка інтэлектуальнага парадку дня будучай Беларусі. Гучала і пазіцыя, што без такой місіі любая інстытуцыя рызыкуе засяродзіцца пераважна на пошуку фінансавання і ўласным выжыванні. У якасці актуальных задач акадэмічнай супольнасці называліся стварэнне адпаведнай інтэлектуальнай прасторы і выпрацоўка наратыву, здольнага задаваць рамкі для палітыкаў і іншых грамадскіх актараў; падрыхтоўка прафесійных груп, здольных кіраваць пераменамі; пераадоленне гуманітарнай і функцыянальнай непісьменнасці ў масавым маштабе і вядзенне кансцыентальнай барацьбы.
Такое разуменне ўніверсітэта выклікала пярэчанні. Адзначалася, што інтэлектуальная праца і выпрацоўка новых ідэй могуць ажыццяўляцца як ва ўніверсітэце, так і па-за яго межамі, але самі па сабе не даюць падстаў называць адпаведную пляцоўку ўніверсітэтам.
Такім чынам, адкрытым засталося пытанне пра суадносіны функцыі, місіі і інстытуцыйнай формы: ці з’яўляецца стварэнне фармальнай установы канчатковай мэтай, адной з магчымых перспектыў або толькі адным з інструментаў рэалізацыі больш шырокай інтэлектуальнай місіі.
Пераўтварэнне ЕГУ або стварэнне новай інстытуцыі
Ацэнкі ролі і перспектыў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта істотна адрозніваліся.
Адзін з удзельнікаў круглага стала зыходзіў з таго, што ЕГУ ўжо мае міжнародна прызнаны статус, інфраструктуру і шматгадовы досвед, таму варта працягваць размову пра аднаўленне або ўзмацненне яго беларускай місіі, дэмакратызацыю кіравання і паляпшэнне адносін з беларускай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасцю.
Іншая пазіцыя, якую падтрымалі некалькі ўдзельнікаў і ўдзельніц, грунтавалася на скептычнай ацэнцы магчымасці такога пераўтварэння. У межах гэтай пазіцыі гучала меркаванне, што арганізацыйныя праблемы ЕГУ маюць сістэмны характар, а рэсурс папярэдніх спробаў рэфармавання ў значнай ступені вычарпаны.
Падчас размовы згадваўся ўжо падрыхтаваны ў структурах Каардынацыйнай рады дакумент, прысвечаны праблемам ЕГУ і яго адносінам з беларускай супольнасцю. Прагучала прапанова выкарыстоўваць яго аргументы ў далейшай працы з беларускімі палітыкамі і міжнароднымі партнёрамі. Агульнай пазіцыі адносна далейшай ролі і перспектыў ЕГУ ўдзельнікі не выпрацавалі.
Фармальны ўніверсітэт або паэтапнае развіццё
Частка ўдзельнікаў настойвала, што ўніверсітэт павінен мець фармальны статус, студэнтаў, даследчую базу і паўнавартасныя адукацыйныя праграмы. У межах іншага падыходу прапаноўвалася не рабіць фармалізацыю абавязковай умовай для пачатку працы і ўжо цяпер развіваць інтэлектуальную, даследчую, выдавецкую і асветніцкую дзейнасць. У якасці магчымых форм такой працы называліся публічныя навуковыя лекцыі, публікацыя навуковых артыкулаў і манаграфій, а таксама кансультацыі для зацікаўленых арганізацый і асоб.
Рознагалоссе, такім чынам, датычылася не толькі неабходнасці фармальнага статусу, але і паслядоўнасці развіцця праекта: ці павінна спачатку паўстаць універсітэцкая інстытуцыя, якая запускае адпаведныя працэсы, або, наадварот, устойлівая інтэлектуальная і акадэмічная дзейнасць можа папярэднічаць яе фармалізацыі.
Адкрытым засталося і звязанае з гэтым пытанне, ці можа нефармальная інтэлектуальная пляцоўка называцца ўніверсітэтам або ўніверсітэцкая назва патрабуе фармальнага статусу і выканання базавых даследчых і адукацыйных функцый.
Профіль, маштаб і арганізацыйная мадэль
Абмяркоўваліся розныя варыянты акадэмічнага профілю, маштабу і арганізацыі будучага ўніверсітэта:
- кампактная даследчая інстытуцыя з акцэнтам на магістратуру, дактарантуру і беларускія даследаванні;
- універсітэт з бакалаўрскімі і магістарскімі праграмамі;
- шырокая адукацыйная платформа для розных аўдыторый;
- цэнтр падрыхтоўкі даследчыкаў, экспертаў і будучых лідараў;
- сеткавая структура, якая аб’ядноўвае ўжо існыя арганізацыі і праграмы.
Гучала арыенціровачная мадэль кампактнай установы прыкладна на 400–500 студэнтаў, але яна не атрымала статусу агульнай пазіцыі. Не было таксама вызначана, якія ўзроўні адукацыі і акадэмічныя кірункі павінны быць прыярытэтнымі.
Моўная мадэль
Беларуская мова называлася істотным, але не адзіным крытэрыем нацыянальнага характару ўніверсітэта. Канкрэтная мадэль выкарыстання беларускай і іншых моў не была прадметам асобнага абмеркавання.
Месца размяшчэння і транснацыянальная мадэль
Прагучала канкрэтная прапанова разглядаць Беласток як магчымае месца размяшчэння ўніверсітэта. Разам з тым прапаноўвалася і транснацыянальная мадэль – з прысутнасцю ў Польшчы, Літве, Чэхіі і, магчыма, іншых краінах.
У шэрагу выступаў будучы ўніверсітэт звязваўся з падрыхтоўкай да вяртання ў Беларусь і ўдзелу ў будучых пераменах. Транснацыянальная мадэль, у сваю чаргу, разглядалася як спосаб ужо цяпер аб’яднаць беларускую акадэмічную дыяспару ў розных краінах.
Ініцыятары, каардынацыя і крыніцы легітымнасці
Адзінай пазіцыі адносна таго, хто павінен ініцыяваць і каардынаваць далейшы працэс, не склалася. Сярод магчымых варыянтаў называліся асобная існая арганізацыя, новая кааліцыя, шырокая акадэмічная супольнасць або структура, якая атрымала б грамадскі ці палітычны мандат на такую ролю.
У дыскусіі прагучала прапанова выкарыстоўваць БААН як пляцоўку для працягу экспертнай размовы. Рашэнне аб наданні Асацыяцыі асобнага каардынацыйнага мандата не прымалася.
Фінансаванне
Удзельнікі разглядалі некалькі патэнцыйных крыніц фінансавання: падтрымку дзяржаў і міжнародных арганізацый, партнёрствы з універсітэтамі, гранты, стыпендыяльныя праграмы, ахвяраванні дыяспары, платныя адукацыйныя прадукты і іншыя ўласныя даходы.
У розных выступах звярталася ўвага на рызыкі залежнасці ад аднаго донара або асноўнага знешняга партнёра. Адкрытым засталося пытанне, якая камбінацыя крыніц можа забяспечыць доўгатэрміновую ўстойлівасць і наколькі значным і рэалістычным можа быць фінансавы ўдзел беларускай дыяспары.
5. Рызыкі, адзначаныя падчас дыскусіі
Сярод асноўных рызык называліся:
- знешняе кіраванне і выцясненне беларускіх прадстаўнікоў з прыняцця ключавых рашэнняў пры крытычнай залежнасці ад замежнага фінансавання;
- крыміналізацыя рэжымам Лукашэнкі любых незалежных адукацыйных ініцыятыў і ціск на студэнтаў і іх сем’і;
- стварэнне фармальнай інстытуцыйнай абалонкі без устойлівай акадэмічнай дзейнасці;
- неадпаведнасць заяўленага маштабу рэальным рэсурсам і попыту;
- залежнасць ад аднаго донара або партнёра;
- канцэнтрацыя кантролю ў руках вузкага кола заснавальнікаў ці кіраўнікоў;
- перанос у новую інстытуцыю непразрыстых або аўтарытарных мадэляў кіравання;
- канкурэнцыя паміж беларускімі ініцыятывамі замест каардынацыі;
- недастатковая якасць адукацыйных праграм і немагчымасць канкурыраваць за студэнтаў;
- размыванне беларускай місіі пад уплывам донарскіх або палітычных прыярытэтаў;
- пагрозы бяспецы людзей, якія ўдзельнічаюць у праграмах з тэрыторыі Беларусі;
- адсутнасць пераканаўчага абгрунтавання неабходнасці новай установы пры наяўнасці ЕГУ і іншых адукацыйных праектаў.
Гэтыя рызыкі не ранжыраваліся і не ставіліся на галасаванне.
6. Магчымыя напрамкі далейшай працы
Падчас круглага стала не была выпрацаваная агульная дарожная карта. Аднак у розных выступах прагучалі наступныя прапановы:
- Сабраць і прааналізаваць ужо падрыхтаваныя канцэпцыі і дакументы, прысвечаныя беларускаму ўніверсітэту і становішчу ЕГУ, каб не пачынаць працу з чыстага аркуша.
- Вызначыць пазіцыю адносна ЕГУ: ці магчымая яшчэ адна спроба яго пераўтварэння або неабходна ствараць іншую інстытуцыю. У другім выпадку патрэбны аргументацыйны дакумент, які тлумачыў бы гэтую неабходнасць беларускім палітыкам і міжнародным партнёрам.
- Высветліць, ці можа далейшая праца весціся на базе адной з ужо існых ініцыятыў або патрабуе стварэння шырэйшай кааліцыі і асобнага механізму каардынацыі.
- Правесці больш шырокую стратэгічную дыскусію з удзелам прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, адукацыйных і даследчых ініцыятыў, культурных дзеячаў і іншых зацікаўленых бакоў. Для яе арганізацыі прапаноўвалася шукаць асобнае праектнае фінансаванне.
- Арганізаваць рэгулярную – магчыма, штогадовую – канферэнцыю або кангрэс беларускіх адукацыйных і акадэмічных ініцыятыў.
- Вывесці пытанне беларускага ўніверсітэта ў публічную і палітычную прастору праз медыя, інтэрв’ю, прэс-рэлізы, публічныя дыскусіі і сустрэчы з палітыкамі. Сярод магчымых пляцовак называліся канферэнцыя «Новая Беларусь» і спецыялізаваны Форум Касцюшкі па адукацыі.
- Прадстаўляць і аргументаваць ідэю беларускага ўніверсітэта падчас сустрэч з польскімі, літоўскімі і еўрапейскімі палітыкамі і міжнароднымі партнёрамі.
- Каардынаваць ужо наяўную даследчую, выдавецкую, адукацыйную і асветніцкую дзейнасць беларускіх акадэмічных ініцыятыў.
- Вывучыць магчымасці фінансавага ўдзелу беларускай дыяспары, у тым ліку праз ахвяраванні і падатковыя механізмы, даступныя ў розных краінах.
- Апрацаваць вынікі круглага стала і працягнуць працу над анансаванымі БААН дакументамі з наступным абмеркаваннем іх праектаў удзельнікамі і ўдзельніцамі дыскусіі.
Задачы, якія вынікаюць з дыскусіі
З улікам адкрытых пытанняў, выяўленых падчас дыскусіі, на наступным этапе таксама могуць спатрэбіцца:
- аналіз патрэб патэнцыйных студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў;
- параўнанне магчымых інстытуцыйных мадэляў;
- вывучэнне прававых і фінансавых умоў у краінах магчымага размяшчэння;
- вызначэнне функцый і відаў дзейнасці, якія можна запускаць да атрымання фармальнага ўніверсітэцкага статусу;
- распрацоўка механізмаў шырокага і празрыстага ўдзелу акадэмічнай супольнасці ў далейшай працы.
Гэтыя задачы не фармуляваліся ўдзельнікамі і ўдзельніцамі непасрэдна як план далейшых дзеянняў, але вынікаюць з праблем і альтэрнатыў, разгледжаных падчас круглага стала.
- Пытанні, якія засталіся адкрытымі
- Якую функцыю беларускі ўніверсітэт павінен выконваць ужо цяпер, да вызначэння яго арганізацыйнай формы?
- Ці павінна культываванне беларускага мыслення стаць базавай рамкай праекта або адной з функцый паўнавартаснай інстытуцыі?
- Ці можа нефармальная інтэлектуальная пляцоўка называцца ўніверсітэтам?
- Ці ёсць яшчэ магчымасць пераўтварыць ЕГУ або рэсурс такіх спробаў ужо вычарпаны?
- Калі патрэбная новая інстытуцыя, на базе якой ініцыятывы або кааліцыі яна можа развівацца?
- Хто можа атрымаць мандат на каардынацыю далейшага працэсу?
- Якія адукацыйныя ўзроўні і функцыі павінны запускацца першымі?
- Як забяспечыць фінансаванне без страты беларускай суб’ектнасці і празмернай залежнасці ад знешніх донараў і партнёраў?
- Як абгрунтаваць міжнародным партнёрам неабходнасць новай інстытуцыі пры наяўнасці ЕГУ і іншых беларускіх адукацыйных ініцыятыў?
8. Агульны вынік
Дыскусія паказала, што пытанне беларускага ўніверсітэта ў выгнанні захоўвае актуальнасць, але агульнай інстытуцыйнай мадэлі і бачання шляхоў яе рэалізацыі пакуль не выпрацавана.
У розных выступах паўтараліся тэзісы пра неабходнасць захавання беларускай акадэмічнай суб’ектнасці, высокай якасці даследаванняў і адукацыі, празрыстых механізмаў кіравання, фінансавай устойлівасці і адказнасці перад беларускім грамадствам.
Асноўныя рознагалоссі датычыліся разумення самога ўніверсітэта і суадносін яго місіі з інстытуцыйнай формай, першапачатковага маштабу і акадэмічнага профілю, а таксама таго, хто і на якой падставе можа каардынаваць далейшы працэс. У ацэнках ЕГУ пераважала скептычнае стаўленне да магчымасці яго пераўтварэння ў беларускі нацыянальны ўніверсітэт, хоць прагучала і асобная пазіцыя на карысць яшчэ адной спробы рэфармавання існай установы.
Такім чынам, вынікам круглага стала стала не падтрымка аднаго гатовага рашэння, а больш выразнае акрэсленне магчымых мадэляў, асноўных абмежаванняў і ключавых пытанняў, якія патрабуюць далейшага абмеркавання і прапрацоўкі. Наступным этапам можа стаць параўнанне канкрэтных інстытуцыйных сцэнарыяў і падрыхтоўка асобнага пазіцыйнага дакумента – пасля шырэйшага абмеркавання і адпаведнага ўзгаднення ў межах БААН.
Аўтар: beledusci.org