Беларуская адукацыя пад ціскам “русского мира”. Як супрацьстаяць агрэсіі?

Беларуская Асацыяцыя Адукацыі і Навукі (БААН) далучылася да дыскусіі “Пяць год супрацьстаяння: Quo vadis, Беларусь?”, дзе разам з даследчыкамі, педагогамі і моладзевымі лідарамі шукае адказы на самыя вострыя пытанні пра будучыню адукацыі ў Беларусі. Спікеры нашай арганізацыі канстатавалі беспрэцэдэнтны знешні ціск на айчынную сістэму адукацыі, а таксама разважалі наконт магчымых стратэгій супраціву “рускаму міру”.

У дыскусіі абмяркоўвалася:
❓ Ці ёсць шанец абараніць школу і ўніверсітэт ад пранікнення “русского мира”?
❓ Як дзейнічаюць механізмы дэфармацыі праз падручнікі, кадравую палітыку, гуманітарную сферу і цэнзуру?

❓ Што могуць зрабіць педагогі, грамадскія ініцыятывы і еўрапейскія партнёры, каб не страціць беларускую адукацыйную прастору?

Павел Церашковіч, кіраўнік Беларускай Асацыяцыі Адукацыі і Навукі, прафесар, кандыдат гістарычных навук:

“Адзінае выйсце – умацоўваць свядомасць беларусаў, перадусім, гістарычную свядомасць. Веданне беларускай гісторыі адкажа, да якога свету адносіцца Беларусь. У апошнія гады бачу сапраўдны бум гістарычных каналаў у сацсетках, прычым часта больш эфектыўныя ў прасоўванні беларускіх нацыянальных наратываў менавіта непрафесійныя гісторыкі. Аўдыторыя іх вельмі вялікая. Дзе ёсць нацыянальная свядомасць (прыклад – Літва), там ідэалогіі “рускага міру” няма чаго рабіць.”

Андрэй Лаўрухін, філосаф, даследчык і эксперт Беларускай Асацыяцыі Адукацыі і Навукі:

“Ёсць такая вельмі вядомая фраза: лягчэй перанесці могілкі на новае месца, чым рэфармаваць сістэму адукацыі. Мы заўсёды крытыкавалі інэрцыю, кансерватыўнасць акадэмічных супольнасцяў. Цяпер жа, як гэта ні парадаксальна, менавіта яна стала асноўным інструментам і галоўным рэсурсам супраціву “рускаму міру” ў сферы адукацыі…”

Аляксандр Паршанкоў, дактарант праграмы філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта ў Празе, эксперт Беларускай Асацыяцыі Адукацыі і Навукі:

“Справа будучыні беларускай адукацыі, асабліва ва ўмовах агрэсіі з боку “рускага міру”, залежыць найперш ад таго, што менавіта маладыя супраціўнікі і супрацоўніцы хутка будуць вызначаць будучыню ўсёй адукацыйнай сферы. Ад таго, наколькі актыўна моладзь будзе засвойваць (ці не засвойваць) прымітыўную прапаганду, залежыць, наколькі адчувальнай да нацыянальных інтарэсаў застанецца ўся адукацыйная сістэма ў цэлым…”

Вам таксама можа спадабацца

  • 20 жніўня, 2025

Прафесія пад забаронай. Каментар прадстаўніцы БААН

  • 21 жніўня, 2025

Тэндар на стварэнне падручніка па беларускай мове для школаў Літвы

  • 21 жніўня, 2025

Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў дачыненні да навукоўцаў і выкладчыкаў