Каля 8% выкладчыкаў, 5% настаўнікаў і 15,5% навукоўцаў – даследчыкаў сацыяльна-гуманітарных навук пазбавіліся працы праз палітычны пераслед за 2021-2022 гады. Гэтыя лічбы яскрава сведчаць пра маштаб рэпрэсій у акадэмічным асяроддзі. Тэматычныя даклады былі прадстаўленыя падчас спецыяльных слуханняў Каардынацыйнай Рады, прысвечаных праблеме пераследу дзеячаў адукацыі, педагогаў і выкладчыкаў. На слуханнях, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі навуковых, экспертных і студэнцкіх арганізацый, прагучаў даклад кіраўніка “Беларускай Асацыяцыі Адукацыі і Навукі” Паўла Церашковіча пра рэпрэсіі ў акадэмічнай супольнасці пасля падзей 2020 года.
Павел Церашковіч:“Асноўная форма палітрэпрэсій у акадэмічным асяроддзі – гэта палітычна матываваныя звальненні. Значная колькасць тых, каго звольнілі, звычайна не паведамляюць пра свае праблемы. Людзі застаюцца ў Беларусі. Яны баяцца, што калі будзе розгалас, то будзе далейшы пераслед…”
“Мы прааналізавалі некаторыя статыстычныя дадзеныя, якія траплялі ў адкрыты доступ. Быў высветлены такі параметр, як сярэднеўзважаная колькасць працаўнікоў сфер, звязаных з адукацыяй. Гэтыя лічбы сведчаць, што ў 2021-2022 гадах адбылося рэзкае скарачэнне колькасці выкладчыкаў ВНУ. Усяго за два гады на 1550 чалавек. Гэта каля 8% ад усіх выкладчыкаў. Толькі ў адным Менску за гэтыя гады колькасць выкладчыкаў раптоўна скарацілася на 900 чалавек…”
“Яшчэ больш значныя скарачэнні адбыліся сярод настаўнікаў менавіта ў гэтыя два гады (2021-2022 гг.). Іх колькасць скарацілася на 6265 чалавек. Гэта прыблізна 5% ад агульнай лічбы…”
“Тое, што тычылася навукоўцаў, то лічба заставалася больш-менш стабільнай. Але бачна, што ў сферы сацыяльна-гуманітарных навук менавіта ў гэтыя два гады абвал колькасці даследчыкаў склаў 15,5 %. Ёсць падставы меркаваць, што гэты абвал звязаны менавіта з палітычнымі рэпрэсіямі. Пра гэта сведчыць і тое, што статыстычны даведнік па адукацыі, які некалькі гадоў увогуле не выдаваўся, быў выдадзены толькі ў 2024 годзе. З даведніка знікла лічба па колькасці выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Улада цалкам разумее, што адбылася і хавае гэтыя факты…”
“Пасля 2020 года ва ўніверсітэтах была ўведзеная пасада прарэктара па бяспецы і кадрах. І гэтую пасаду займаюць кадравыя афіцэры КДБ. Яны і з’яўляюцца галоўнымі арганізатарамі рэпрэсій ва ўніверсітэтах. Падобныя пасады ўведзеныя не толькі ва ўніверсітэтах, але і ў шматлікіх навукова-даследчых інстытутах. Са з’яўленнем прарэктараў па бяспецы ў ВНУ сталі фармаваць спісы “на звальненне”. Паводле нашай інфармацыі, усе, хто ўнесены ў гэтыя спісы, дзеляцца на тры катэгорыі: 1. Хто падлягае тэрміноваму звальненню; 2. Тыя, якіх звальняюць па заканчэнні тэрмінаў кантракту; 3. Тыя, каму даюць больш часу папрацаваць, але звальняюць. Самая распаўсюджаная форма – заканчэнне кантракту…”
“Акрамя гэтага, створаная цэлая сетка асоб, якія займаюць пасады ў акадэмічным асяроддзі, і якія непасрэдна звязаныя з рэпрэсіямі. У першую чаргу, гэта такія пасады як намеснікі дэканаў па ідэалогіі, якія таксама манітораць сацыяльныя сеткі, праз іх была рэпрэсаваная значная колькасць выкладчыкаў і студэнтаў…”