Улады ў чарговы раз умяшаліся ў сферу адукацыі. Цяпер пад удар трапіла магістратура, якую Лукашэнка назваў “ненармальнай” — маўляў, гэта прыкмета Балонскага працэсу, з якім ён здаўна змагаецца. Праблема ў тым, што ўяўленні пра “нармальнасць” у кіраўніка дзяржавы, відаць, засталіся на ўзроўні часоў яго вучобы ў Магілёўскім педінстытуце: іншай мадэлі адукацыі ён ніколі не бачыў і ўявіць сабе не можа. Тым часам свет даўно змяніўся. Нават аўтары новага падручніка “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” (ч. 2, 2025), якія з настальгіяй згадваюць “кіроўную ролю КПСС”, прызнаюць, што на мяжы стагоддзяў індустрыяльную эпоху змяніла постіндустрыяльная — эпоха, у якой вырашальную ролю мае індустрыя ведаў. Адукацыя становіцца яе неад’емнай часткай і павінна адпавядаць міжнародным стандартам, а не заставацца ў межах уяўленняў, што не абнаўляліся паўстагоддзя.

Каментуе кіраўнік Беларускай Асацыяцыі Адукацыі і Навукі Павел Церашковіч:
Магістратура – гэта праграма паслядыпломнага навучання, накіраваная на паглыбленае вывучэнне пэўнай галіны ведаў ці прафесійнай дзейнасці. Ва ўніверсітэцкай адукацыі яна вядомая з ХІІІ ст. Стварэнне Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (вядомае яшчэ як Балонскі працэс) вызначыла агульныя стандарты падрыхтоўкі магістарскага ўзроўню. Паводле ЮНЭСКА, магістратура — гэта ўніверсальны 7-мы ўзровень адукацыі ў міжнароднай стандартнай класіфікацыі. То бок для краін, якія ўваходзяць у ААН, магістратура – гэта нармальна.
У эканамічна развітых краінах – гэта масавая форма адукацыі. У краінах ЕПВА доля магістрантаў перавышае 20% ад усіх студэнтаў. А сярод насельніцтва старэйшага за 25 год доля тых, хто мае магістарскую ступень часта складае 13 – 17 % (Бельгія, Данія, Германія). Дыплом магістра нярэдка патрабуецца пры прыняцці на дзяржаўную службу. У Фінляндыі ён абавязковы, каб стаць настаўнікам. У Беларусі ж доля магістраў трохі большая за 4% ад усіх студэнтаў. Беларусаў і беларусак сярод іх менш за палову. Не цяжка спрагназаваць, што ў бліжэйшыя гады іх стане яшчэ менш.
Да чаго гэта прывядзе – таксама спрагназаваць не складана: да далейшай дэградацыі вышэйшай адукацыі якую спрабуюць абвясціць спадкаемцай “лепшай у свеце савецкай”. У QS university ranking рэйтынг Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту за апошнія тры гады абваліўся на 159 пунктаў (з 288 да 447). У 2016 г. БДУ займаў прыкладна 850 месца ў самым прэстыжным Times Higher education ranking. Цяпер яго там няма. У Shanghai ranking – рэйтынгу нібыта сяброўскай краіны, адзіная зачэпка БДУ – прадметны рэйтынг па фізіцы (паміж 401 і 500 месцам). Але ў агульным заліку ўніверсітэтаў сусветнага класу такая краіна як Беларусь (у адрозненне ад Ганы і Марока) увогуле не згадваецца.