Марына Сакалова: "Я станоўча стаўлюся да выкарыстання ШІ у адукацыі"

Чым небяспечнае тэхнакратычнае бачанне адукацыі? Ці карысны для педагогаў штучны інтэлект? І ці правільна дабівацца “дэідэалагізацыі” адукацыі? Працягваем знаёмства з асобамі “Беларускай Асацыяцыі Адукацыі і Навукі”. Гэтым разам – з заснавальніцай нашай арганізацыі, кандыдаткай гістарычных навук, эксперткай, выкладчыцай Марынай Сакаловай.

“У БААН я адказваю за даследаванні ў галіне адукацыйнай палітыкі, займаюся распрацоўкай стратэгічных дакументаў. Я з’яўляюся адной з заснавальніц арганізацыі. Для мяне гэта важна, таму што трэба нешта рабіць агульнае, каб яно працавала на ўсіх”, – гаворыць Марына Сакалова.
 

Пра працу ў сферы адукацыі

“Калі казаць пра практычную дзейнасць, то я пачынала працоўную кар’еру з працы ў сярэдняй школы, дзе выкладала гісторыю. Потым была аспірантура. Пасля аспірантуры я шмат выкладала ў навуковых установах, была загадчыцай кафедры ў інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Таксама быў досвед выкладання ў ЕГУ, у “Еўрапейскім каледжы ліберальных мастацтваў”. У асноўным рыхтавала і чытала курсы пра гісторыю ХХ ст. Але ў мяне цікавасці куды больш разнастайныя. Паколькі я заўжды сачыла за новымі трэндамі, за лічбавай трансфармацыяй, таму ў мяне ёсць публікацыі, звязаныя з вывучэннем гэтай сферы…”

“Пасля 2020 года, калі ў беларускім грамадстве востра праявіўся запыт на перамены, мяне глыбей зацікавіла канцэптуальная праца ў адукацыі. Менавіта ў гэты час стартавала праграма “Беларуская адукацыя на шляху перамен”. З таго моманту маім асноўным заняткам стаў палітычны аналіз у сферы адукацыі. Перамены патрабуюць не толькі дзеянняў, але і асэнсавання, таму я звярнула асаблівую ўвагу на пытанні грамадскага ўдзелу і калектыўнага прыняцця рашэнняў — тое, што ляжыць у падмурку дэмакратычнай адукацыі…”


Якія небяспекі для адукацыі нясе вузкае тэхнакратычнае бачанне?

“Вузкае тэхнакратычнае бачанне не ўлічвае пагрозу лічбавай няроўнасці. Яна хаваецца не толькі ў доступе да інтэрнэту, але і ў здольнасці карыстацца ім для развіцця. Бывае, “digital native” губляецца там, дзе чалавек з досведам дзейнічае ўпэўнена. У выніку тэхналогіі паглыбляюць разрыў, які нібыта павінны скарачаць. Акрамя таго, тэхнакратычны падыход звужае разуменне адукацыі да працэсаў перадачы інфармацыі, забываючы пра сэнсавы і адносінны вымярэнні навучання…”


Адукацыя і ШІ

“Я станоўча стаўлюся да развіцця штучнага інтэлекту і яго выкарыстання ў адукацыі, бо ён значна палягчае працу настаўніка — асабліва ва ўмовах, калі шмат увагі патрабуюць фармальныя аспекты: праграмы, дакументацыя, справаздачнасць. Такія задачы можна даверыць тэхналогіям, а настаўнік зможа засяродзіцца на галоўным — на сутнасці адукацыйнага працэсу. Лічбавыя тэхналогіі — гэта толькі інструменты. Адукацыя ж — пра чалавека і сэнсы. Таму спадзеў, што тэхналогіі вырашаць крызісныя праблемы ў адукацыі, — перабольшаны…”

Пра “дэідэалагізацыю” адукацыі

“Мы цяпер шмат гаворым пра дэідэалагізацыю адукацыі, але гэта, на мой погляд, не зусім дакладная пастаноўка пытання. Каштоўнасці і погляды ёсць у кожнага чалавека, і нельга цалкам выключыць іх з навучальнага працэсу. Настаўнік заўсёды прыносіць у клас свае перакананні — гэта натуральна. Са студэнтамі прасцей: яны схільныя да крытычнага аналізу. А вось дзеці вераць настаўніку безумоўна, і таму пытанне асабліва востра стаіць у школе, напрыклад, пры выкладанні гісторыі. Але гэтае пытанне не ў тым, каб цалкам “выключыць” ідэалагічныя элементы (што практычна немагчыма), а ў тым, каб даць вучням інструменты крытычнага аналізу, навучыць іх разважаць і задаваць пытанні. Даследаванні паказваюць, што філасофскае мысленне, праца з паняццямі і аргументацыяй магчымыя нават з дзецьмі сямігадовага ўзросту. І вось тут — сапраўдная альтэрнатыва павярхоўнай перадачы ведаў: не пазбягаць ідэй, а вучыць з імі працаваць…”

Чым займаецца наогул БААН?

“Мы ведаем, што існуе шмат разнастайных адукацыйных ініцыятыў — як у Беларусі, так і ў эміграцыі. Аднак паміж намі часта адсутнічае камунікацыя: мы мала ведаем пра дзейнасць адно аднаго, пра дасягненні і праблемы. Таму цяпер мы ініцыюем даследаванне адукацыйнага поля — каб адкрыць, што насамрэч робіцца важнага, эфектыўнага і інавацыйнага. Мы не проста збіраем дадзеныя, а шукаем глыбейшае разуменне патрэб арганізацый грамадзянскай супольнасці ў сферы адукацыі і асветы. Гэта патрэбна, каб лепш зразумець саміх сябе і ўмацаваць нашую супольную здольнасць дзейнічаць эфектыўна, скаардынавана і з далёкім прыцэлам. Бо толькі разумеючы, кім мы з’яўляемся, мы зможам адказаць на галоўнае пытанне: як нам працаваць разам дзеля агульнай будучыні?”

 

Вам таксама можа спадабацца

  • 21 жніўня, 2025

Тэндар на стварэнне падручніка па беларускай мове для школаў Літвы

  • 21 жніўня, 2025

Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў дачыненні да навукоўцаў і выкладчыкаў

  • 21 жніўня, 2025

Працэдура прыняцця новых членаў у Грамадскую арганізацыю “Беларуская Асацыяцыя адукацыі і навукі”.